НАРАЎЛЯ́НСКА-ШЧАКАТАЎСКА́Я АПЕРА́ЦЫЯ 1943,

баі партыз. атрадаў імя Кірава (камандзір У.​П.​Яромаў), Мазырскага (А.​Л.​Жыльскі), укр. партыз. злучэння А.​М.​Сабурава, асобнага атрада імя В.​Бажэнкі (М.​А.​Рудзіч) па разгроме ням.-фаш. гарнізонаў у г.п. Нароўля, вёсках Шчакатава і Слабада Мазырскага р-на ў ноч на 30.8.1943 у Вял. Айч. вайну. Нараўлянскі гарнізон (каля 130 гітлераўцаў) быў умацаваны бліндажамі і дзотамі, узброены 10 кулямётамі і 3 мінамётамі і інш. Партызаны атрадаў імя Кірава і імя Бажэнкі перакрылі дарогу на Нароўлю, захапілі мост цераз р. Нараўлянка, акружылі і да раніцы знішчылі гарнізон. Партызаны Мазырскага атрада і злучэння Сабурава атакавалі гарнізоны ў вёсках Шчакатава і Слабада і за гадзіну бою знішчылі гэтыя гарнізоны.

У.​С.​Пасэ.

т. 11, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)